Паважаныя сябры! Рады вітаць Вас на нашым сайце. Тут вы можаце:

– знайсці актуальныя публікацыі, што былі надрукаваны ў часопісе, а таксама матэрыялы, што не ўвайшлі ў часопіс
(дадаткі, фотаздымкі, водгукі чытачоў),

– азнаёміцца са зместам часопіса за апошнія гады (па нумарах і па рубрыках),

– даведацца, якія мерапрыемствы былі праведзены «Народнай асветай» і якія плануюцца ў бліжэйшы час,

– пазнаёміцца з нашымі сябрамі, партнёрамі і тымі, хто рыхтуе часопіс да друку,

– атрымаць кансультацыю па правілах афармлення матэрыялаў, прызначаных для публікацыі ў часопісе.

ФОРМА АЎТАРА, запаўняецца пры адпраўцы матэрыялаў для публікацыі ў часопісе

 

Увага! Актуальная публікацыя

 

 

№11 2024 г.

 

Абрамчик Р. Ю. Нормативное правовое обеспечение сопровождения резерва кадров на должность директора школы в системе дополнительного образования взрослых

 

старонкі 3-8

 

 

 

Сивашинская Е. Ф. Формирование исполнительных функций у детей с особенностями развития
 

старонкі 80-84

 

 

Сумесны праект часопіса
«Народная асвета»
З Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі

Алгарытм падрыхтоўкі публікацыі
для праекта
«Энцыклапедыя «Школы Беларусі»

Запрашаем наведаць наш
тэлеграм канал

https://t.me/nastgaz

Тэматычны спіс рубрыкі «Педагагічная асамблея» на 2024 г.

Майстар-клас
ад часопіса «Народная асвета»

 


Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Адміністрацыйны партфель»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Атэстацыя педагагічных кадраў»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Ідэалагічны вектар»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Бізнес інкубатар»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Факультатыў у школе»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Энергазберажэнне ў школе»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый на тэму «Прафарыентацыя ў школе»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый рубрыкі «Педагагічная асамблея»

 

 

Сістэматызаваны спіс публікацый рубрыкі «Бацькоўскі сход»

 

 

 

 

Навіны ад «Народнай асветы»

Кастрычнік 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Асіповічах.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

Кастрычнік 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Стаўбцах.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

Чэрвень 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Касцюковічах і Хоцімску.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

Красавік 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Ваўкавыску.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

Красавік 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Дзятлаве.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

Красавік 2024 г.

Майстар-клас
«Інфармацыйная культура педагога: як падрыхтаваць матэрыялы для навукова-педагагічнага выдання»
ад часопіса «Народная асвета»
ў Чачэрску.

Фотарэпартаж змешчаны ў фоталетапісе нашага сайта.

 

Чытайце ў наступным нумары:

• Духоўна-маральныя каштоўнасці сучасных школьнікаў
• Праект «Бацькоўскі ўніверсітэт»
• Этнакультурнае асяроддзе ўстановы адукацыі
 

 

 

 

 

 

 

У чэрвені 2004 года часопіс «Народная асвета» адзначыў сваё 80-годдзе. 
За гэты час ён прайшоў вельмі складаны і разам з тым цікавы шлях.

Папярэднікі «Народнай асветы» (1924–1960 гг.)

 Адразу пасля ўтварэння БССР ў 1919 годзе ў Мінску пачаў выдавацца штомесячны навукова-педагагічны і даведачна-афіцыяльны часопіс «Школа і культура Советской Белоруссіі» на рускай мове. Ён выдаваўся Мінскім губернскім аддзелам народнай асветы. У тым памятным 1919 годзе выйшлі тры нумары часопіса ў дзвюх кніжках.

З 1920 да 1922 года Наркамат асветы ССРБ пачынае выдаваць у Мінску часопіс «Вольны сцяг» з падзагалоўкам «Беларуская літаратурна-мастацкая і палітычна-грамадская часопісь».

Акрамя таго, у 1921—1922 гадах выдаецца «Вестник Народного Комиссариата просвещения БССР», які носіць характар афіцыйнага бюлетэня. Так, у 1921 годзе выходзяць два нумары «Вестника», а ў 1992 — 12 нумароў у 7 кніжках.

Праўда, у 1921 годзе аднавілася дзейнасць часопіса «Школа и культура Советской Белоруссии», але пасля выхаду ў свет двух нумароў яго існаванне па невядомых прычынах спынілася.

Значнай падзеяй у культурным жыцці нашай рэспублікі стаў выхад першага нумара часопіса «Асьвета». Гэта адбылося ў чэрвені 1924 года. Пад назвай стаялі наступныя словы: «Часопіс Нар. Кам. Асьветы і Саюзу Прац Асьветы БССР». Ён выходзіў на беларускай і рускай мовах.

У той час у Беларусі не было наркаматаў культуры і інфармацыі, а таксама прафсаюзнага часопіса. Менавіта таму рэдакцыя «Асьветы» прасіла работнікаў асветы, аддзелы народнай адукацыі і аддзяленні Саюза працаўнікоў асветы ў Беларусі дасылаць у рэдакцыю артыкулы, нататкі, паведамленні і іншыя матэрыялы па пытаннях культурна-асветнага будаўніцтва і прафсаюзнай работы, а таксама свае меркаванні аб паляпшэнні зместу часопіса ў далейшым.

У перадавым артыкуле часопіса «Асьвета» «Нашы задачы», напісаным на рускай мове, адказны супрацоўнік Наркамата асветы БССР П. Валасевіч адзначаў:

«У паласу перадышкі, у эпоху мірнага будаўніцтва пытанні асветы набываюць першачарговае значэнне...

Наша школа ўжо ў значнай ступені парвала з дарэвалюцыйнай школай, але яна стаіць яшчэ на перакрыжаванні, метады і аб’ём яе працы як школы працоўнай з’яўляюцца яшчэ не дастаткова акрэсленымі.

Нашы дзіцячыя ўстановы, адно з самых прыгожых і смелых параджэнняў рэвалюцыі, яшчэ не маюць выразных форм арганізацыі.

Нашы ВНУ яшчэ ў даволі значнай меры патрабуюць рэарганізацыі, каб іх праца зусім адпавядала патрэбе савецкага ладу.

Нарэшце, наш асветнік, які цягнецца да святла, настойліва патрабуе ўказанняў і дапамогі ў яго цяжкай працы.

Адным словам, пераацэнка каштоўнасцей, якую правяла рэвалюцыя ў галіне асветы, намеціла новы змест асветніцкай працы і высунула цэлы шэраг новых пытанняў, у вырашэнні якіх неабходны ўдзел усёй масы асветнікаў, што гарантуе больш хуткае выкананне запаветаў Кастрычніка.

Адсюль ясна абрысоўваюцца і асноўныя задачы часопіса. Ён павінен дапамагчы настаўніцтву працоўнай школы, кіраўнікам дзіцячых устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і працаўнікам ВНУ Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне задач і метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях ў галіне асветніцкай практыкі...

Першая кніжка часопіса выпускаецца з артыкуламі як на беларускай, так і на рускай мовах, таму што значная частка асветнікаў Беларусі яшчэ не вывучыла беларускай мовы, але ў далейшым Наркамасветы ставіць сваёй задачай, каб часопіс выходзіў на беларускай мове, як на мове большасці насельніцтва Беларусі».

Адным з цэнтральных, ключавых матэрыялаў першага нумара часопіса «Асьвета» стаў артыкул намесніка народнага камісара асветы БССР Антона Васільевіча Баліцкага «Бліжэйшыя задачы наркамасветы ў сувязі з узбуйненнем Беларусі». Стрыжнем гэтага артыкула стала пытанне аб неабходнасці стварэння ў БССР адзінай, аднароднай сістэмы народнай адукацыі. Вось як разважаў А. В. Баліцкі:

«...Як вядома, у Беларускай рэспубліцы існуе свая сістэма народнай асветы, якая блізка падыходзіць да ўкраінскай і адрозніваецца ад сістэмы РСФСР, якой прытрымліваліся далучыўшыяся да нас раёны... Сістэма народнай адукацыі павінна быць аднароднай і цесна звязанай з нашай вытворчасцю. Гэтыя мэты галоўным чынам і мае на ўвазе прынятая ў Беларусі сістэма народнай адукацыі. Замест агульнай адукацыі, якая доўжыцца па сістэме РСФСР 9 гадоў, устанаўліваецца сямігадовы тэрмін навучання, — тэрмін, на працягу якога дастаткова даць вучню агульныя навыкі для далейшага яго развіцця...

Прыкладная схема такой сістэмы ўяўляецца ў наступным выглядзе: 1) сямігадовая працоўная школа, 2) двухгадовая прафесіянальная школа, 3) вытворчы стаж, 4) тэхнікум або інстытут...

...Прынцып матчынай мовы ў школах для Наркамасветы Беларусі з’яўляецца свяшчэнным, а так як большасць сялянскага, у асаблівасці, дзіцячага насельніцтва, гаворыць на беларускай мове, то і школы ў сельскіх мясцовасцях і часткова ў гарадах, якія абслугоўваюць беларускае насельніцтва, паступова пераходзілі і пераходзяць на беларускую мову выкладання.

Адначасова з гэтым беларуская і руская мовы, як мовы большасці насельніцтва Беларусі — першая ў сельскіх мясцовасцях, другая ў гарадах і маючая агульнасаюзнае значэнне — з’яўляюцца абавязковымі прадметамі навучання ва ўсіх школах незалежна ад таго, на якой мове гэта школа працуе...

Нам здаецца, што з новага бюджэтнага года матэрыяльнае становішча культурна-асветных устаноў па ўсёй Беларусі будзе выраўнена.

...Неабходна дабіцца адпаведнасці розных відаў народнай адукацыі; патрабуецца самы старанны і дэтальны падлік, асабліва ў галіне вышэйшай і сярэдняй прафесіянальнай адукацыі; патрабуецца ўсё тое, што мы маем, прывесці ў роўнавагу, каб не атрымалася дыспрапарцыянальнасці як паміж вышэйшай, сярэдняй і ніжэйшай адукацыяй, так і паміж прафтэхнічнай адукацыяй, з аднаго боку, і вытворчасцю, з другога. Неабходна, каб інжынераў рыхтавалася менш, чым тэхнікаў, а тэхнікаў менш, чым кваліфікаваных рабочых; каб галава была суразмерана тулаву, а тулава мела б здаровыя і дужыя ногі...».

Па сваёй накіраванасці да артыкула Баліцкага прымыкае матэрыял загадчыка аддзела сацыяльнага выхавання Наркамата асветы БССР Язэпа Каранеўскага «Да пытання аб сістэме народнай асветы. Разгляд сістэмы народнай асветы РСФСР і УССР».

Значную цікавасць для работнікаў асветы ўяўлялі таксама матэрыялы прафсаюзнага лідэра В. Нодэля «Бліжэйшыя задачы Саюза працаўнікоў асветы Беларусі», М. Шабашова «Формы і метады падрыхтоўкі асветнікаў», прафесара Беларускага дзяржаўнага універсітэма І. М. Салаўёва «Улік паспяховасці ў школе», А. Федасенкі «Комплексная сістэма выкладання ў практыцы першай групы даследчыкаў школы пры Беларускім педагагічным тэхнікуме», Л. Мышкоўскага «Аб яўрэйскіх культурна-асветных установах», Ч. Дамброўскага «Польская школа і польскі настаўнік у Савецкім Саюзе».

Увазе чытачоў прапанаваны матэрыял пад назвай «Месца і характар падручніка пры комплекснай сістэме выхавання» і рэцэнзія на кнігу Язэпа Лесіка «Беларуская мова. Правапіс. Мн., 1924».

У другім нумары часопіса «Асьвета» за 1924 год ужо выразна выявіліся асноўныя рубрыкі гэтага выдання. Гэта «Агульны аддзел», «Метадалогія і практыка», «Кнігапіс», «Летапіс беларускага друку», «Інфармацыя і хроніка», «На месцах», «Афіцыйны аддзел».

Акрамя гэтых рубрык, у шэрагу нумараў існавалі рубрыкі: «Метады і формы піянерскага руху», «Паштовая скрынка», «Наш быт», «Перапіска з чытачамі», «На шляху перападрыхтоўкі», «Педалагічныя пытанні», «Метадычныя пытанні», «Практыка асветных устаноў», «Дадатак», «Выхаванне ў школе і пазашколай», «Метадычныя пытанні школы», «Школьная практыка», «Дашкольнае выхаванне», «Жыццё і праца асветніка», «Гутарка», «Аб ліквідацыі непісьменнасці», «Прафесійныя ўстановы», «Пытанні школы», «Хроніка», «Практыка месц», «Да пастаноўкі справы выхавання», «Выхаваўча-метадычны аддзел», «Прафадукацыя», «Палітасвета», «З мясцовай практыкі», «З’езды і канферэнцыі», «Педагагічна-метадычны аддзел», «У Заходняй Беларусі», «Педагагічна-педалагічны аддзел», «Нарады па народнай асвеце», «Пытанні методыкі і практыкі нашай школы», «Агульна-палітычны аддзел», «Школьны аддзел», «Пяцігодка і кадры», «На барацьбу з рэлігіяй», «Методыка і праграма школы», «Абарона краіны і школа», «Паход за дашкольніка», «Кнігу і мастацтва ў масы», «За пралетарскую ідэалогію».

Да выхаду другога нумара часопіса «Асьвета» за 1926 год яго чытачам было невядома, хто ж з’яўляецца адказным або галоўным рэдактарам часопіса. На апошняй старонцы выдання адзначалася, што яго выпусціла «рэдакцыйная калегія». Сённяшнім чытачам цяжка зразумець, навошта была такая «сакрэтнасць». Нарэшце, толькі ў другім нумары часопіса за 1926 год упершыню была раскрыта гэта «тайна» — адказны рэдактар І. М. Мазур, работнік Наркамата асветы БССР, які курыраваў дзіцячыя дамы і інтэрнаты, а потым працаваў інспектарам сямігодак, тэхнічны рэдактар Я. К. Троська. Чытачы другога нумара часопіса «Асьвета» за 1927 год маглі ўжо даведацца аб складзе рэдкалегіі, у якую ўваходзілі: С. Рывес, Брыгневіч, З. Шамардзіна, Самковіч, Касмовіч. У кастрычніку 1929 года Ігната Мікалаевіча Мазура на пасадзе адказнага рэдактара часопіса «Асьвета» змяніў літаратурны крытык Лукаш Бэндэ.

У часопісе «Асьвета» друкаваліся матэрыялы, прысвечаныя самым актуальным, надзённым праблемам жыцця і працы настаўнікаў народнай асветы БССР. Сярод іх трэба назваць артыкулы І. Сербава «Увядзенне ўсеагульнай адукацыі ў БССР», І. М. Салаўёва «Работа настаўніка па арганізацыі школьнага асяроддзя», Д. Жарынава «Да методыкі правядзення краязнаўчых экскурсій», В. Ільінцава «Настаўніцтва і камсамол», Златкіна «Дзіцячы рух і школа», П. Валасевіча «Да арганізацыі школы сялянскай маладзёжы», І. Мазура «Школьная і грамадзянская праца настаўніка вёскі», «Летнія курсы па падрыхтоўцы вясковага настаўніцтва» і «Стан школ сялянскае моладзі», І. З. Замоціна «Кабінет роднае мовы і літаратуры і яго значэнне ў школьнай методыцы і практыцы», С. Васілейскага «Палавое выхаванне», М. Мацісона «Забытая справа (Спевы ў школе)», Я. Пісарчыка «Школьная парта» і «Другагоднікі ў школе», С. М. Рывеча «Дзеці аб судзе, ДзПУ, савецкай школе і настаўніку», праф. Е. Кагарава «Навуковая арганізацыя працы і школа», В. Тэпіка «Кіно і школа», І. Марголіна «Педагагічны практыкум».

Аўтарамі «Асьветы» былі як радавыя настаўнікі і выхавацелі, так і выкладчыкі ВНУ, вядомыя вучоныя, адказныя работнікі Наркамата асветы рэспублікі, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы. Гэта вясковыя настаўнікі М. Ламака і І. Гальчук, настаўнікі і дырэктары польскіх, яўрэйскіх і іншых школ нацыянальных меншасцей, Народныя камісары асветы БССР А. В. Баліцкі і А. М. Платун, першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі В. Г. Кнорын, старшыня ЦВК Беларусі А. Р. Чарвякоў, выкладчык Белпедтэхнікума і адначасова дацэнт педфака БДУ, будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, акадэмік Я. Лесік, адзін з кіраўнікоў музейнай справы на Беларусі, будучы вучоны сакратар Беларускай Акадэміі навук В. Ластоўскі, маскоўскі прафесар Шульгін, прафесары БДУ І. І. Замоцін, І. М. Салаў’ёў, Д. Жарынаў, С. Васілейскі, М. М. Піятуховіч, дацэнт БДУ А. Бурдзейка, першы старшыня Інстытута беларускай культуры С. Некрашэвіч, дацэнт, правадзейны член Інбелкульта Г. Гарэцкі (Аб беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР // Асьвета. 1926. № 6), будучы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі В. Купрэвіч, вядомы вучоны-педагог П. Панкевіч.

Пераемнікам «Асьветы» стаў часопіс «Комуністычнае выхаванне», які пачаў выходзіць з 1930 года (з шостага нумара за 1931 год — «Камуністычнае выхаванне») з падзагалоўкам «Штомесячная політэхнічная педалога-педагагічная і палітыка-асветная часопісь». Яго адказным рэдактарам быў прызначаны Лукаш Бэндэ. З дзевятага нумара «Камуністычнага выхавання» за 1931 год яго адказным рэдактарам становіцца С. Гайдук. Здвоены чацвёрта-пяты нумар часопіса за 1932 год рэдагаваў намеснік адказнага рэдактара У. І. Хомо. Восьмы нумар часопіса за 1933 год рэдагаваў ужо М. Лозбень. Пад пятым і шостым нумарамі «Камуністычнага выхавання» за 1935 год стаіць прозвішча намесніка адказнага рэдактара Фрэйдмана, які з сёмага нумара значыцца ўжо адказным рэдактарам. Восьмы-дзевяты нумар часопіса выпускаў рэдактар Хейфец, а першы-другі нумары за 1936 год — адказны рэдактар Я. Зазека.

Асноўнымі рубрыкамі новага часопіса былі: «Культурная спадчына і пролетарыят», «У паход за пролетарскую культуру», «Тэорыя і практыка педагогікі», «Палепшыць навучанне», «За пролетарскую ідэалогію», «Пра дзіцячую кніжку», «Кнігапіс», «Хроніка», «У дапамогу культштабам», «Соцыялістычнае спаборніцтва», «За пролетарскую літаратуру», «На навуковым фронце», «Ставім на абгаварэнне», «У дапамогу настаўніку», «Матэрыялы на ідыш», «У Заходняй Беларусі», «На фронце культурнай рэвалюцыі», «Паглыбіць антырэлігійнае выхаванне», «Турызм і школа», «Клюбны дзень», «Пытанні педагогікі», «У дапамогу дзіцячай пляцоўцы», «Наш вопыт», «За падрыхтоўку пролетарскіх кадраў», «Узмацнім ваенізацыю ў школе», «Пашырым завочнае навучанне», «У дапамогу дашкольнаму работніку», «За політэхнічнае выхаванне», «За ленінскую нацыянальную палітыку», «Літаратура — зброя клясавай барацьбы», «Асьвета за межамі», «Нацдэмы — агенты інтэрвенцыі», «З вопыту працы па метаду праектаў», «За бальшавіцкую перабудову працы ў падрыхтоўцы педкадраў», «Праблемы дэфекталогіі», «За баявыя тэмпы правядзення ліквідацыі няпісьменнасці», «Праблемы рэфлексалогіі», «За палітычную школу», «За палепшанне матэр’яльных умоў настаўніцтва», «Аўладаем тэхнікай педагагічнага працэсу».

З найбольш значных і змястоўных артыкулаў часопіса «Камуністычнае выхаванне» можна назваць «Спрэчныя пытанні палітэхнічнага выхавання» праф. П. Панкевіча, «Шляхі падняцця школьнай паспяховасці» А. Харэвіча, «Краязнаўства і школа» М. Каспяровіча, «Культурнасць сучаснай вёскі» А. В. Савельева, «Малалетнія правапарушыцелі і аналіз іх трымання» М. М. Слуцкай, «Праблемы сучаснай дзіцячай літаратуры» А. Якімовіча, «Палепшыць якасць працы вышэйшай і сярэдняй школы» С. Я. Вальфсона, «Цяжкія» дзеці ў масавай школе» Сегаля, «Псіхалагічны стан вучняў на іспытах» Е. Матліна, «Аб арганізацыі і правядзенні ўрока» І. Фрэйдмана, «Аб некаторых пытаннях выхавання дзяцей» праф. Е. Аркіна.

У перыяд з 1930 па 1934 год Наркамасветы БССР спрабаваў аднавіць выданне і грамадска-палітычнага часопіса, і службовага бюлетэня. Так, у 1932 годзе разам з Цэнтральным кіраўніцтвам Саюза працаўнікоў мастацтва ён пачаў выдаваць штомесячны часопіс «Мастацтва і рэвалюцыя». Паспела выйсці яго чатыры нумары ў 1932 годзе і два нумары (адна кніжка) у 1933. У 1934 годзе ўбачылі свет чатыры кніжкі «Бюлетэня Наркамасветы БССР».

У кастрычніку 1937 года Навукова-даследчы інстытут школьнай педагогікі пачынае выдаваць зборнік «Кансультацыя настаўніку», які ўключае адказы на найбольш актуальныя пісьмовыя пытанні настаўнікаў школ БССР. Яго рэдактарам быў А. Яворскі. З матэрыялаў гэтага зборніка трэба выдзеліць змястоўныя адказы на такія пытанні, як «Аб прычынах непаспяховасці вучняў» І. Фрэйдмана, «Выхаваўчая работа ў школах» М. Лявіцкага, «Аб развіцці ў дзяцей матэрыялістычнага разумення з’яў прыроды» А. Яворскага.

З пачатку 1940 года пачаў выходзіць часопіс «Савецкая школа». Старшым рэдактарам першага-другога нумара часопіса быў Праўдзін. На апошняй старонцы адзначалася: «Рэдкалегія». У гэтым выданні адсутнічалі рубрыкі. Найбольшую цікавасць і актуальнасць уяўляюць артыкулы М. Е. Лявіцкага «Сям’я і школа», «Работа педагагічнага савета», В. В. Барысенкі «Змітрок Бядуля», заслужанай настаўніцы БССР Р. Р. Барам «Аб педагагічным такце».

У 1945 годзе пачаў выдавацца метадычны часопіс «У дапамогу настаўніку», які ўяўляў сабой зборнік дакументаў і метадычных распрацовак. Яго рэдактарам спачатку быў В. Ляўданскі, а потым С. А. Умрэйка і М. Шаткін. Між іншым, апошні ўжо лічыўся адказным рэдактарам. Для настаўнікаў Беларусі асабліва карыснымі былі матэрыялы праф. Т. П. Ломцева «Шляхі павышэння якасці навучання і выхавання ў школах Беларускай ССР», М. Е. Лявіцкага «Педагагічны аўтарытэт», Н. Перкіна «Аб вывучэнні тэорыі літаратуры ў школе», Н. М. Шульмана «Працэс навучання і барацьба з фармалізмам», Е. К. Матліна «Псіхалогія індывідуальнага падыходу да дзяцей», С. С. Кавальчука «Аб трываласці засваення ведаў вучнямі».

Пачатак 1948 года азнаменаваўся ў Беларусі аднаўленнем выдання педагагічнага часопіса «Савецкая школа». Яго адказным рэдактарам быў прызначаны вядомы вучоны-педагог, будучы намеснік наркама асветы БССР С. А. Умрэйка. З трэцяга нумара часопіса з 1952 па 1959 год новым адказным рэдактарам стаў А. Ц. Васілеўскі. Асноўнымі рубрыкамі часопіса былі: «З вопыту работы», «Кансультацыя», «Крытыка і бібліяграфія», «Кніжныя навіны», «Хроніка», «У дапамогу настаўніку», «Аб мерах павышэння паспяховасці вучняў», «Нам пішуць», «Аб падрыхтоўцы вучняў да практычнай дзейнасці», «Адказы чытачам». Гісторыя «Савецкай школы» — гэта гісторыя народнай асветы нашай рэспублікі ў 1948—1959 гадах. З тых часоў прайшло шмат дзесяцігоддзяў, але многія матэрыялы часопіса яшчэ і сёння не страцілі сваёй актуальнасці і каштоўнасці, метадычнай і навуковай значнасці. Гэтай высокай ацэнкі заслугоўваюць артыкулы М. Лявіцкага «Барацьба з фармалізмам — задача настаўніка савецкай школы», Д. Садоўскага «Аб эстэтычным выхаванні школьнікаў», выкладчыка фізікі СШ № 42 г. Мінска Я. Мельцэрзона, вучань якога Жарэс Алфёраў стаў лаурэатам Нобелеўскай прэміі, «Аб дэманстрацыях пры вывучэнні ўласцівасцей газаў», М. Дарафеенкі «Матэматычная культура вучняў сямігадовай школы», М. Гурскага «Культура мовы і выразнае чытанне ў школе», Ф. Кітуновіча «Сувязь тэорыі з практыкай пры вывучэнні фізікі ў сямігадовай школе», кандыдата педагагічных навук Н. Барысавай «Аб некаторых пытаннях актывізацыі навучання», А. Рымарава «Значэнне асабістых якасцей педагога ў справе навучання і выхавання вучняў», Я. Мараша «Аб навучанні перакладу з замежнай мовы», О. Вадэйкі «Змест і арганізацыя работы педсавета школы», І. Рыданавай «Аб індывідуальным падыходзе да вучняў пры апытанні», кандыдата педагагічных навук Т. Кароткінай «Работа класнага кіраўніка над павышэннем ведаў вучняў».

 

 «Народная асвета» ўчора, сёння і заўтра (1960—2004 гг.)

 У студзені 1960 года часопіс «Савецкая школа» быў перайменаваны ў часопіс «Народная асвета», які на працягу ўжо многіх і многіх дзесяцігоддзяў ажыццяўляе дзяржаўную адукацыйную палітыку ў Беларусі, за што ў 1975 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР і ордэнам СССР «Знак Пашаны».

У 60—80-я гг. мінулага стагоддзя «Народная асвета» як адзінае навукова-педагагічнае выданне Рэспублікі Беларусь асвятляла не толькі пытанні функцыяніравання і развіцця сістэмы ўсёй адукацыі — ад дашкольнай установы да ВНУ, але і актуальныя для таго часу падзеі грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі. На старонках часопіса знайшлі сваё адлюстраванне з’езды партыі, пленумы ЦК КПСС, палёты ў космас, звароты кіраўнікоў партыі і ўрада з нагоды Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дня Перамогі, вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З цягам часу часопіс усё больш і больш увагі звяртае на злабадзённыя праблемы жыцця школы. Напрыклад, у 70-х гг. абмяркоўваюцца такія пытанні, як статут школы, новыя праграмы, кабінетная сістэма, тэлебачанне і адукацыйны працэс, новы закон аб народнай асвеце. На старонках часопіса з’яўляюцца канкрэтныя метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўніку і выхавацелю, мадэлі лепшых урокаў настаўнікаў-прадметнікаў, тэксты кантрольных работ, прыкладнае планаванне і метадычныя парады па ўсіх прадметах школьнага цыкла.

Шматлікія артыкулы на старонках «Народнай асветы» 80—90-х гадоў прысвечаны праблемам выхавання падрастаючага пакалення, падрыхтоўцы яго да жыцця і працы, фарміравання камуністычнага светапогляду. У гэтыя гады больш увагі ўдзяляецца такім пытанням, як работа органаў кіравання адукацыяй, вучнёўскіх і бацькоўскіх камітэтаў, педагагічная адукацыя бацькоў і кадравая палітыка ў школе, навуковая арганізацыя працы ВНУ.

Працэсы дэмакратызацыі ў грамадстве і сістэме адукацыі адлюстраваліся на старонках часопіса: з’явіліся артыкулы-разважанні, палемічныя нататкі, інтэрв’ю супрацоўнікаў і кіраўнікоў Міністэрства народнай асветы, творчыя партрэты лепшых настаўнікаў — майстроў сваёй справы. Дарэчы, вядомыя ў рэспубліцы педагогі і арганізатары адукацыі лічылі за гонар і абавязак выступаць на старонках свайго педагагічнага выдання, маючы яго на ўвазе як трыбуну і ўплывовы інструмент для аб’яднання педагагічнай грамадскасці на вырашэнне новых і злабадзённых праблем адукацыі, павышэнне яе якасці і прэстыжу ў грамадстве. Прозвішчы такіх нашых аўтараў, як У. Т. Кабуш, Я. Л. Каламінскі, Т. І. Чобатава, Л. К. Сухнат, А. І. Сачанка, Г. А. Бутрым, В. П. Таранцей, В. В. Чэчат, А. А. Грымаць, Б. К. Яроцкі, М. І. Запрудскі, Р. І. Румянцаў, М. М. Круглей былі добра вядомы ў краіне, многія з іх гучаць і зараз і вызначаюцца высокім прафесіяналізмам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Патрэбна адзначыць, што вялікая арганізацыйная і змястоўная работа калектыву «Народнай асветы» па асвятленню шматаспектных праблем адукацыі ва ўсе часы існавання часопіса накіроўвалася яго галоўнымі рэдактарамі, прафесіяналамі сваёй справы А. Ц. Васілеўскім, В. П. Маскаленка, Н. І. Калеснік.

Неабходнасць рэфармавання сістэмы адукацыі ў канцы мінулага і пачатку новага стагоддзя абумовілі з’яўленне новых рубрык і тэм у часопісе, сярод якіх камп’ютэрная граматнасць, правы чалавека, эканамічная асвета, навуковыя таварыствы вучняў і настаўнікаў, установы новага тыпу як сацыяльны заказ грамадства і дзяржавы, нацыянальная школа і прынцыпы яе функцыяніравання, правы дзяцей, радыяцыйная бяспека і экалагічнае выхаванне, тэхналагізацыя працэсу навучання.

Такім чынам, само жыццё запатрабавала распрацоўкі на пачатку новага тысячагоддзя такіх рубрык, як «Праграмы і падручнікі ХХI стагоддзя», «Лёс эксперыменту», «Бізнес-лабараторыя», «Банк методык і тэхналогій», «Знак якасці», «Новы настаўнік для новай школы», «Тэст-кантроль», «Ліцэйская і гімназічная адукацыя» і інш.

На працягу ўсяго перыяду сваёй дзейнасці часопіс з’яўляецца штомесячным агульнарэспубліканскім друкаваным органам для шырокага абмену ідэямі і вопытам паміж вучонымі і педагогамі нашай краіны, работнікамі вышэйшай школы і кіраўніцтвам, наватарамі і прыхільнікамі традыцыйных падыходаў да адукацыі. Часопіс арыентаваны на агульнаадукацыйныя школы, новыя тыпы вучэбных устаноў, інстытуты павышэння кваліфікацыі, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы педагагічнага профілю, метадычныя службы, органы кіравання адукацыяй. «Народная асвета» з’яўляецца рэцэнзуемым выданнем, паўнамоцтвы яго пацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з мэт і задач, сфармуляваных у канцэпцыі развіцця нашага выдання, часопіс актыўна працуе над стварэннем адзінай інфармацыйнай прасторы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь, забяспечваючы сумесна з іншымі педагагічнымі выданнямі функцыю аператыўнага і якаснага інфарміравання педагагічнай грамадскасці аб усіх новаўвядзеннях у беларускай школе. Лічым, што часопіс фарміруе пазітыўную грамадскую думку аб зменах, якія адбываюцца ў сацыяльна-эканамічным жыцці нашай краіны, прапагандуе перадавы педагагічны вопыт сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Актуальнасць часопіса пацвярджаецца тым, што зараз адчуваецца вострая неабходнасць інфармацыйнай падтрымкі яшчэ і педагагічнай грамадскасці рэспублікі ў засваенні структурных і зместавых інавацый у сістэме адукацыі, якія датычацца новай сістэмы ацэнкі дасягненняў вучняў, арганізацыі шостага (школьнага) дня, цэнтралізаванага тэсціравання, маніторынга якасці абучанасці, функцыянальнай пісьменнасці і выхаванасці школьнікаў і студэнтаў, актуальных праблем патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання моладзі, злабадзённых пытанняў узаемадзеяння сям’і і школы, абароны дзяцінства і аховы здароўя дзяцей.

Зыходзячы з рэалій сённяшняга дня, прафесіянальны фокус дзейнасці часопіса «Народная асвета» нацэлены на інфармацыйнае апярэджванне змен, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі, падтрымку ў стварэнні цэласных адукацыйных сістэм школы ці рэгіёна, фарміраванне стратэгій і тактыкі ўстаноў адукацыі як сацыяльна-культурных цэнтраў, стварэнне сямейна-адукацыйнага супольніцтва.

Трэба адзначыць, што сёння часопіс удасканальваецца па форме і зместу, пераўтвараецца ў школу дыстанцыйнага навучання для настаўніка, метадыста, адміністратара з выкарыстаннем эфектыўных інавацыйных тэхналогій і методык; трансфармуецца з традыцыйнага навукова-педагагічнага выдання ў інтэрактыўны падручнік для сучаснага педагога і становіцца аб’ектыўнай структурнай часткай сістэмы паслядыпломнай адукацыі рэспублікі.

На сённяшні дзень калектывам рэдакцыі створаны пэўныя ўмовы (канцэптуальныя, арганізацыйна-прававыя, кадравыя, матэрыяльныя) для пераходу часопіса з рэжыму уніфікаванага функцыяніравання ў рэжым развіцця. Пры арганізацыйнай падтрымцы двух міністэрстваў (адукацыі і інфармацыі) часопіс на працягу 2001—2003 гг. зрабіў якасны рывок у сваім развіцці, здзейсніўшы кардынальныя змены асноў дзейнасці, сярод якіх рэгістрацыя часопіса як юрыдычнай асобы, адкрыццё разліковага рахунку ў ААТ «Белінвестбанк»; распрацоўка новай канцэпцыі часопіса і 15 новых рубрык; змяненне фармату часопіса, яго дызайну і вокладкі; павелічэнне аб’ёму часопіса; абнаўленне на 50 % аўтарскага актыву рэдакцыі; стварэнне новага рэдакцыйнага калектыву, у саставе якога 1 кандыдат навук, 3 магістры навук, 4 высокакваліфікаваныя спецыялісты рэдакцыйна-выдавецкага персаналу; заключэнне дагавароў аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве з Беларускай лігай бацькоў і педагогаў «Крок за крокам», Цэнтрам адукацыйных тэхналогій ЗАТ «БелХардГрупп», упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама; правядзенне рамонту ў памяшканнях рэдакцыі, абсталявання рабочых месцаў, набыццё мэблі і камп’ютэраў пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Мінадукацыі і фундатараў. Такім чынам, канкрэтныя і дзейсныя крокі калектыву па ўдасканаленню рэдакцыйна-выдавецкага працэсу дазволілі павялічыць тыраж часопіса і знізіць яго сабекошт, удасканаліць форму і змест.

Мы ўпэўнены, што, стварыўшы прасторнае і якаснае інфармацыйнае поле, дапаможам нашаму чытачу авалодаць ключавой кампетэнцыяй сучаснага кіраўніка і сучаснага настаўніка — уменнем вырашаць праблему комплексна, з прыцягненнем шматлікіх і разнастайных крыніц інфармацыі.

Тым не менш, наша мэта — стварэнне высокапрафесіянальнага выдання — патрабуе ад нас новых, нестандартных крокаў і механізмаў для яе рэалізацыі, сярод якіх:

o арганізацыя дыскусійнага клуба для аспірантаў, маладых настаўнікаў, настаўнікаў-даследчыкаў з мэтай «вырошчвання» новага аўтара і фарміравання нетрадыцыйнага падыходу да аўтарства;

o  правядзенне трэнінгаў, семінараў, творчых сустрэч з выкладчыкамі факультэтаў журналістыкі БДУ і Інстытута сучасных ведаў з мэтай павышэння прафесіянальнага майстэрства творчага калектыву рэдакцыі;

o    стварэнне інтэрактыўнай рубрыкі «Свабодны мікрафон» з прыцягненнем да супрацоўніцтва студэнтаў педагагічных факультэтаў і факультэтаў журналістыкі (для азнаямлення са спецыфікай дзейнасці педагагічных выданняў і фарміравання мабільнага і актыўнага рэзерву пазашкольных супрацоўнікаў);

o     здзяйсненне рэкламы свайго інфармацыйнага праудкта і пашырэнне геаграфіі часопіса праз прыцягненне да супрацоўніцтва рэгіянальных устаноў адукацыі, вывучэнне эфектыўнасці і ўплыву часопіса на фарміраванне перадаой педагагічнай практыкі.

У чэрвені 2004 года часопіс адзначыў 80-годдзе з дня свайго заснавання. Лічым гэты юбілей важнай падзеяй у грамадскім жыцці рэспублікі. У сувязі са знамянальнай датай калектывам рэдакцыі распрацаваны план мерапрыемстваў, звязаных з рознымі аспектамі дзейнасці часопіса: здзяйсненне рэкламы свайго індывідуальнага прадукта і пашырэнне геаграфіі часопіса праз прыцягненне да супрацоўніцтва рэгіянальных устаноў адукацыі, вывучэнне эфектыўнасці і ўплыву часопіса на фарміраванне перадавой педагагічнай практыкі; урачысты сход педагагічнай грамадскасці рэспублікі; прэзентацыя сумеснага праекта часопіса і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; конкурс на лепшае школьнае друкаванае выданне ў намінацыях «Лепшая школьная газета» і «Лепшы школьны часопіс»; выпуск юбілейнага нумара «Народная асвета» як люстэрка беларускай адукацыі»; канферэнцыя аўтараў і чытачоў часопіса «Наша інфармацыйная прастора: праблемы і перспектывы»; удзел у Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі».

Як мы ўжо адзначалі, рэалізоўваючы канцэпцыю развіцця часопіса, калектыў і рэдакцыйная калегія лічаць сёння найбольш актуальным аспектам дзейнасці свайго інфармацыйна-адукацыйнага выдання кааперацыю з аўтарытэтнымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі. Пачынаючы з 2004 года разгортваюцца новыя праекты сацыяльнага партнёрства часопіса «Народная асвета» з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Ліцэем Белдзяржуніверсітэта, Педагагічным таварыствам Рэспублікі Беларусь, лепшымі школамі, гімназіямі, ліцэямі краіны. Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Рэдакцыйны калектыў актыўна здзяйсняе маніторынгавыя даследаванні, маркетынг і рэкламу сваёй дзейнасці на рынку адукацыйных паслуг.

Часопіс «Народная асвета» крочыць у нагу з часам, а сучасны настрой і актуальнасць яму надаюць, безумоўна, цікавыя люді — вучоныя, практыкі, арганізатары адукацыі. Мы ганарымся, што і сёння аўтарамі, членамі рэдкалегіі, проста сябрамі і аднадумцамі «Народнай асветы» з’яўляюцца А. М. Радзькоў, Т. М. Кавалёва, А. І. Жук, К. У. Гаўрылавец, А. Г. Слука, Г. Дз. Дылян, Г. М. Пятроўскі, М. С. Фяськоў, А. І. Таўгень, Г. М. Пальчык, М. П. Грышчанка, Г. В. Торхава, І. І. Крук, П. І. Траццякоў, А. У. Боцька, І. Э. Саўко, Л. Р. Кульмянёва, А. М. Браценнікава, С. С. Кашлеў і інш.

Разам з рэдакцыйнай калегіяй у складзе аўтарытэтнейшых вучоных нашай краіны і педагогаў-наватараў адказнасць за часопіс перад гісторыяй і сучаснасцю нясе высокакваліфікаваны, дружны, нацэлены на адкрытасць, партнёрства і якасць працы калектыў «Народнай асветы». Хварэюць душой і шчыруюць над кожным радком намеснік галоўнага рэдактара, У.У.Фалалееў, рэдактар аддзела, захавальнік традыцый часопіса Л. Дз. Лебедзева, маладыя супрацоўнікі і будучыя вучоныя І. В. Лапіцкая, Дз. П. Зылевіч, С. У. Мазурына. Зладжана, творча працуе мастацка-тэхнічная група пад кіраўніцтвам адказнага сакратара Л. С. Паляковай у складзе Л. У. Драгун, В. У. Краўчанкі. Усю адказнасць за фінансавыя аперацыі ўстановы ўзяла на сябе галоўны бухгалтар Ю. А. Бяспалька, якая пастаянна павышае сваю кваліфікацыю. Калектыў моцны сваім прафесіяналізмам, бачаннем праблем і перспектыў развіцця, паважлівымі адносінамі да аўтараў «Народнай асветы», сяброўскімі і шчырымі адносінамі адзін да аднаго.

 

Э. Р. Іофэ, прафесар БДПУ імя Максіма Танка, доктар гістарычных навук,

А. В. Маслава, магістр педагагічных навук

(Апублікавана: «НА», 2004 г., №6, абнаўленне звестак - 09.2006 г.)


Кантактная інфармацыя рэдакцыі: тэлефоны:  +375-17-215-05-19(факс); +375-17-215-05-18; 215-05-20

Рэжым работы: панядзелак – чацвер (09.00-18.00), пятніца (09.00-16.45), субота-нядзеля (выхадны дзень), перапынак на абед (13.00-14.00)

паштовы адрас: 220013, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77

электронны адрас:   info@n-asveta.by

Апошняе абнаўленне 14.11.2024

© Рэдакцыя часопіса «Народная асвета», 2006-2023