Свежы нумар часопіса
Майстэрня сучаснага ўрока
Агляд студзеньскага нумара часопіса «Народная асвета»
У летапісе «Народнай асветы» Новы год адкрыў новую старонку, але больш чым за стагоддзе, якое прайшло з дня выхаду першага нумара, місія часопіса не змянілася: мы па-ранейшаму імкнёмся быць пляцоўкай для абмену новымі ідэямі, для прафесійнага дыялогу вучоных і настаўнікаў.
Першы нумар 2026 года адкрывае прафесар Андрэй Кароль, рэктар БДУ, доктар педагагічных навук. У цэнтры ўвагі нашага пастаяннага аўтара – штучны інтэлект, які актыўна укараняецца ва ўсе сферы жыцця. Яго выкарыстанне ў сістэме адукацыі, як піша Андрэй Кароль, прыводзіць да яе трансфармацыі, да змянення мэт, зместу, метадаў навучання. Аднак штучны інтэлект аддаляе чалавека ад рэальнасці, адбірае ў педагога і вучня магчымасць працягнуць на ўроку дыялог з сабой і з іншым, пераадолець межы свайго няведання, асэнсаваць новае, знайсці сябе ў творчасці. І ў гэтым яго небяспечнасць.
Але якім павінен быць сучасны ўрок? Якія методыкі працуюць на развіццё функцыянальнай дасведчанасці вучняў і настаўнікаў, падштурхоўваюць да дыялогу, да пошуку новага? У рубрыцы «Педагагічная асамблея» Інэса Зубрыліна, прарэктар Акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук, разважае пра якасную арганізацыю метадычнай работы ў школе і прапануе дакладныя інструменты персаналізацыі развіцця прафесійных кампетэнцый настаўнікаў. Педагогі-практыкі праз майстар-класы, метадычныя майстэрні, урокі для дарослых прадстаўляюць каштоўны вопыт па арганізацыі сучаснага ўрока і прымяненні эфектыўных інструментаў фарміравання функцыянальнай дасведчанасці дзяцей.
Яркую палітру метадычных, вучэбных, выхаваўчых ідэй прадстаўляюць настаўнікі Лідскага раёна на чале з Вольгай Тарасюк, начальнікам упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, у рубрыцы «Адукацыйная прастора рэгіёна». Вы даведаецеся, як ствараць і прымяняць маршрутныя лісты для індывідуалізацыі дзейнасці на ўроку, зможаце выкарыстаць магчымасці арфаграфічнага трэнажора для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, навучыць школьнікаў распрацоўваць праекты для Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пазнаёміцца з цікавымі падыходамі да арганізацыі прафарыентацыйнай работы, з праектам па стварэнні інтэрактыўнага музея.
Асобная, вельмі важная тэма, якая прадстаўлена ў рубрыцы «Бацькоўскі сход», – дзеці з нейраадрозненнямі. Іх «непажаданыя паводзіны», як адзначае кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Сівашынская, – не праява нявыхаванасці, не эмацыянальная чэрствасць, не хуліганства, як здаецца на першы погляд. Часта гэта адзіная спроба сказаць нам пра свае патрэбы (хоць і сацыяльна непрымальным спосабам), гэта наступства ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, ускладненае дэфіцытам сацыяльных, камунікатыўных навыкаў і асаблівасцямі апрацоўкі сенсарнай інфармацыі. На канкрэтных жыццёвых сітуацыях аўтар артыкула паказвае, як убачыць за такімі паводзінамі асобу, наладзіць узаемадзеянне, пазбегнуць стыгматызацыі і спрошчаных ацэнак.
…Гэты нумар – для тых, хто не шукае гатовых рэцэптаў, а бачыць школу як прастору росту і асэнсаванай прафесійнай дзейнасці, для тых, хто разумее: сапраўднае настаўніцтва пачынаецца з чалавечнасці і вялікай працы над сабой.
Галоўны рэдактар Святлана Мазурына
Нашы праекты
«Энцыклапедыя «Школы Беларусі»
Тэмы і рубрыкі часопіса «Народная асвета» з'яўляюцца актуальнымі доўгатэрміновымі праектамі. Адзін з такіх праектаў – «Энцыклапедыя «Школы Беларусі». Тут чытачы змогуць пазнаёміцца з вопытам работы педагагічных калектываў устаноў адукацыі рэспублікі. На дадзены момант падрыхтавана больш за 220 выпускаў.
«Педагагічная асамблея»
Штомесячны тэматычны праект «Педагагічная асамблея» (падрыхтавана больш за 190 выпускаў) можна разглядаць як інтэрактыўны падручнік або школу дыстанцыйнага навучання педагогаў. Праект уяўляе сабой партфоліо тэарэтычных, метадычных і практычных матэрыялаў (комплексна разглядаецца адна тэма), якія дазваляюць настаўніку ў міжкурсавы перыяд актыўна займацца самаадукацыяй, будаваць уласную адукацыйную траекторыю і індывідуальную сістэму павышэння кваліфікацыі. Сістэматызаваны спіс публікацый прадстаўлены па спасылцы.
Інтэрактыўны праект «Бацькоўскі сход»
Асаблівае месца ў часопісе займае праект «Бацькоўскі сход», прысвечаны арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння педкалектываў з бацькоўскай грамадскасцю. З моманту заснавання рубрыкі было апублікавана больш за 180 выпускаў. Сістэматызаваны спіс публікацый прадстаўлены па спасылцы.